|
22.01.2014 | Духоўныя вароты |

Іх будуе на ўездзе ў горад святар з Асіповічаў Невялікая драўляная царква выглядае на фоне лесу як казачны церамок. Калі б не крыжы на купале, можна было б і памыліцца. Каб яе ўзвесці, айцу Генадзю спатрэбілася 2,5 месяца. Цяпер ён будуе вялізны храм, каб жыхарам моладзевага мікрараёна са шматабяцальнай назвай БАМ хапала ў ім месца.
Сімвалічна і тое, што культавы будынак будзе знаходзіцца якраз на ўездзе ў горад. Разам з касцёлам насупраць яны як быццам утвораць тыя самыя вароты, пра якія марыць святар. Як утульна і цёпла ў гэтым маленькім храме! І так прыемна пахне дрэвам і ладанам! Праменьчык сонца нясмела зазірнуў у акенца, слізгануў па нашых тварах, затрымаўся на ліках святых. Мы з айцом Генадзем сядзім каля абраза Серафіма Сароўскага — вялебны глядзіць на нас добрымі вачыма і, здаецца, наскрозь бачыць усе мае думкі. Мне аж няёмка становіцца за свае джынсы, якія сёння на мне замест спадніцы. Але хто ж прадбачыў, што святар запросіць на размову ў царкву?
— Гэтая цэркаўка ў гонар абраза Божай Маці «Усіх тужлівых радасць» спраўдзіла нашы спадзяванні, сюды прыходзіць шмат людзей, — кажа ён. — Але месца мала. На святы даводзіцца адчыняць дзверы, каб людзі маглі прысутнічаць на набажэнстве. Умяшчальнасць — 80 чалавек, а калі мы ў 2010 годзе яе асвячалі, прыйшло ў 4 разы болей. Вялікі храм будзе ў некалькі разоў большым. І таксама з дрэва.
Да драўляных храмаў у святара сваё стаўленне. З дзяцінства памятае, як разам з бабуляй хадзіў на набажэнствы ў старую царкву на Брэстчыне, якая была пабудавана 200 гадоў таму без адзінага цвіка. Дзіцяці было незразумела, аб чым спяваюць на клірасе, але на душы рабілася лёгка і прыемна. Гэтае пачуццё, напэўна, і адыграла вырашальную ролю, калі стала пытанне, які выбраць жыццёвы шлях.
За 15 гадоў сваёй працы айцец Генадзь паспеў паслужыць у шматлікіх храмах Асіповіцкага раёна, нават у Прошчы (вёска Коханаўка), куды да цудадзейнай крыніцы заўсёды збіраецца шмат паломнікаў. Там і сапраўды ёсць нешта дзівоснае.
Аднойчы да святара падышоў мужчына, які спытаўся, чаму ў яго… няма дзяцей. «Я не ведаў, што яму адказаць, — згадвае айцец Генадзь. — Магчыма, у яго жыцці быў перыяд, калі ён з жонкай хацеў пажыць для сябе. Пабудавалі добры дом, пачалі зарабляць шмат грошай, а потым зразумелі, што ў жыцці няма галоўнага — дзіцячага смеху ў доме. А дзеці — гэта кветкі ад Бога. Спачатку ты ад іх адмаўляешся, потым — яны ад цябе. Людзі спрабуюць вырашаць праблему з дапамогай урачоў, а калі няма вынікаў, едуць сюды. Я параіў гэтаму чалавеку прычасціцца і разам са сваёй другой «палавінкай» часцей бываць на Прошчы, аблівацца вадой. Але рабіць гэта шчыра. Прайшоў год, ён патэлефанаваў мне, каб падзяліцца шчаслівай навіной, што яны чакаюць дзіця. І гэта не адзіны выпадак. Вельмі шмат сем’яў з Магілёва, Мінска, іншых гарадоў хрысцілі ў нас дзяцей, якіх Бог даў ім па малітвах». Наогул у жыцці айца Генадзя цудаў было шмат. Хіба не цуд тое, калі, абраўшы прафесію міліцыянера, малады чалавек раптам вырашае стаць святаром? Альбо, калі, прыехаўшы на3 дні на экскурсію ў Кіева-Пячэрскую лаўру, семінарыст сустракае там незвычайную дзяўчыну і вяртаецца дадому з цвёрдым намерам ажаніцца? Сэрца не падманула: разам з любай Ларысай ён ужо 16 гадоў. А якія добрыя ў іх 2 дачушкі — і гэта таксама цуд.
— Цуд не трэба шукаць, — упэўнены шчаслівы бацька. — Дастаткова агледзецца навокал. Але духоўная слепата перашкаджае гэта ўбачыць. Вось, напрыклад, нашы продкі жылі не для сябе, а для дзяцей. Яны разумелі, што гэта — працяг жыцця, сэнс чалавечага існавання на зямлі. А адкуль бяруцца цяжкія дзеці? Таксама ад нашай бездухоўнасці.
Вось працуем і са школамі, і з інспекцыямі па справах непаўналетніх, але праблема ўсё роўна застаецца. Я запрашаю гэтых дзяцей у храм, даю свой нумар тэлефона: маўляў, тэлефануй, калі будзе зусім цяжка. Некаторых амаль з таго свету даводзілася выцягваць. Ці было так, калі людзі разумелі, што сям’я — гэта святое? У хрысціянскіх сем’ях, калі людзі пасварыліся, яны заўсёды шукаюць міру, умеюць папрасіць прабачэння. А гэта вельмі шмат чаго значыць. Святар упэўнены, што толькі веруючы чалавек можа быць па-сапраўднаму шчаслівым. І тое, што зараз будуецца шмат храмаў, толькі спрыяе гэтаму.
Знайсці грошы на будаўніцтва нялёгка. Зараз ужо не 1990-я гады, калі распаўся Савецкі Саюз і было модным будаваць культавыя будынкі. Але, як мудра прыкмячае айцец Генадзь, адзін адмовіць, другі дапаможа. Вось і яму мясцовыя ўлады падказалі добрае месца для будаўніцтва, а спонсары дапамаглі купіць будматэрыялы. І тое, што па другі бок стаіць касцёл, яго не бянтэжыць. «Наадварот, — кажа ён, — я разумею, што гэта сімвалічна». Дарэчы, з ксяндзом Натанаэлем у айца Генадзя вельмі добрыя адносіны. «Калі асвячалі касцёл, ён мяне запрасіў на ўрачыстасць, — кажа айцец Генадзь. — Цяпер праваслаўная і каталіцкая царквы добра супрацоўнічаюць. Мы разумеем, што сучасны свет кідае нам новыя выклікі і мы павінны абараняць хрысціянскія каштоўнасці разам».
Нэлі ЗІГУЛЯ. iнтэрв"ю газеце "Звязда" |
|